Злачынцаў прымусяць плаціць за правядзенне экспертызаў па іх справах
Асобаў, якіх прызналі вінаватымі ў крымінальных злачынствах, прымусяць плаціць грошы за экспертызы па іх справах. Адпаведныя папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс набываюць моц 27 лютага. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Генадзь Шаўлюкевіч, перадае БелаПАН.
У прыватнасці, ён адзначыў, што даследаванне наркатычных сродкаў з’яўляецца дарагім працэсам. Звычайна экспертызы ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Па словах спецыяліста, Дзяржкамітэт судовых экспертыз у 2015 годзе толькі на рэагенты і расходныя матэрыялы патраціў амаль 58 мільярдаў рублёў.
Пасля ўступлення ў дзеянне закона са злачынцаў будуць спаганяць сумы, выдаткаваныя на набыццё расходных матэрыялаў, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт спецыяльнага абсталявання. Гэта складзе прыкладна 14% ад агульных выдаткаў на правядзенне даследаванняў.
Спагнаныя сумы будуць накіроўваць не ў судова-экспертныя ўстановы, а ў рэспубліканскі бюджэт.