Жыхарка Рагачова купіла кватэру са "шпіёнскай зброяй"
Самаробная "страляючая асадка" / Камітэт судэкспертыз
Сёлета ў жніўні жыхарка Рагачова набыла кватэру на другасным рынку жылля. Падчас рамонту яна знайшла падазроны прадмет: за шафай была схаваная металічная трубка, падобная да шарыкавай асадкі незвычайнай формы, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
Жанчына паведаміла ў міліцыю пра падазроную знаходку. Прадмет канфіскавалі і адправілі на экспертызу.
Судэксперты выявілі, што гэта "страляючая асадка", вырабленая самаробным спосабам. Яе вызначылі як ручную стралковую гладкаствольную агнястрэльную зброю, прыдатную для стральбы патронамі 5.6х16R (.22 Long Rifle).