Жыхар Магілёва адсудзіў у аўтобуснага парка 500 тысяч рублёў
Кіроўца гарадскога аўтобуса №24 не заўважыў пасажыра і прыціснуў дзвярыма нагу. Мужчына патрабаваў у судзе 7 мільёнаў.
Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў адсудзіў у аўтобуснага парка 500 тысяч рублёў за тое, што яму заціснула дзвярыма нагу. Працэс доўжыўся больш за чатыры месяцы. За гэты час Аляксандр змог знайсці сведку здарэння і здолеў даказаць, што інцыдэнт насамрэч меў месца.
У судзе кіроўца аўтобуса, а таксама кандуктар засведчылі, што забыліся пра такі выпадак, і цалкам адмаўлялі, што хлопца прыціснула дзвярыма.
“31 кастрычніка мінулага года я стаяў на прыпынку на вуліцы Каштанавай і чакаў аўтобуса №24, — расказвае Аляксандр Хамратаў. — Аўтобус прыйшоў са спазненнем. Я зайшоў апошнім. Кіроўца спяшаўся, не паглядзеў, ці зайшоў пасажыр, і зачыніў дзверы. У выніку я быў заціснуты дзвярыма і так ехаў недзе 50-100 метраў, пакуль не пачаў крычаць кандуктару, які не рэагаваў. Затым людзі разам са мной пачалі крычаць кіроўцу”.
Пасля здарэння Аляксандр звярнуўся да хірурга, які выдаў даведку пра траўму нагі. Затым праваабаронца падаў позву ў суд праз тое, што аўтобусны парк неналежным чынам аказаў паслугу па перавозцы пасажыраў.
Праваабаронца хацеў даказаць, што гэта быў страхавы выпадак, і прасіў спагнаць з аўтобуснага парка 7 мільёнаў рублёў.
У судзе прадстаўнік парка цалкам адмовіў сваю віну, а страхавая кампанія “Белэксімгарант” выступіла супраць сведкі, спаслаўшыся на тое, што няшчасны выпадак быў даўно, і няма гарантыі, што сведка дакладна ўсё помніць.
“Яны спасылаліся на тое, што я не звяртаўся з заявамі да кандуктара аўтобуса, што ў мяне нешта баліць, таму адсутнічаюць хоць нейкія доказы таго, што адбылося, — працягвае Хамратаў. — Трэба было рабіць судмедэкспертызу, і суддзя адмовіла ў той частцы позвы, каб прызнаць, што гэта страхавы выпадак, аднак прызнала факт нанясення мне маральнай шкоды”.
У цэлым праваабаронца задаволены вынікамі судовага працэсу і лічыць, што такія выпадкі, калі пасажыры адстойваюць свае правы, дысцыплінуюць кіроўцаў грамадскага транспарту.
Трэба адзначыць, што раней Аляксандр Хамратаў ужо судзіўся з аўтобусным паркам з-праз тое, што транспарт не ходзіць згодна з раскладам, і даводзіцца ездзіць на маршрутцы. Тады суддзя вынесла прадпісанне ў адрас аўтобуснага парка за парушэнне інтэрвалу руху аўтобусаў.
Фота: Мінск-навіны