Жанна Раманоўская ўключыла ў сваю ініцыятыўную групу памерлых
Цэнтрвыбаркам адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу Жанны Раманоўскай на прэзідэнцкія выбары. У спісе людзей, якіх яна туды запісала, супрацоўнікі ЦВК знайшлі чацвярых памерлых.
Таксама выявілася, што звесткі па яшчэ 16 сябрах ініцыятыўнай групы не адпавядаюць рэчаіснасці. Калі выключыць іх усіх са спіса, у ініцыятыўнай групе застаецца менш за 100 чалавек.
Жанна Раманоўская тлумачыць, што падала ў ЦВК ініцыятыўную групу, сабраную на базе пададзенай для ўдзелу ў мінулых прэзідэнцкіх выбарах — 2015 года.
"Часу было вельмі мала, і людзі, якія правяралі інфармацыю, відаць, нешта недаправерылі дасканала", — кажа прэтэндэнтка на прэзідэнцкае крэсла. Яна просіць даць ёй магчымасць выправіць памылкі і ўсё ж зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, але ЦВК адмаўляе.
"Узяты старыя спісы — дый усё, — каментуе кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, калі Раманоўская ўжо выйшла з пакоя для пасяджэнняў. — Мілая жанчына, прыемная... Але мы, на жаль, пазбавілі яе галоўнага. Яна разлічвала на тэлебачанне, публічнасць нейкую..."
Жанна Раманоўская другі раз вылучаецца ў прэзідэнты Беларусі. Тады яна тлумачыла свой удзел жаданнем прыцягнуць увагу да асабістых жыллёвых праблем: па яе словах, яна стала ахвярай махлярства пры будаўніцтве дома ў Мінску.
У мінулую кампанію яе ініцыятыўную группу зарэгістравалі, аднак кандыдатам у прэзідэнты жанчына не стала: яна змагла сабраць толькі 780 подпісаў з патрэбных 100 тысяч.
У грамадска-палітычным жыцці з тых часоў пра Раманоўскую не было чуваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.