Заяву на Лукашэнку ў Міжнародны крымінальны суд падалі "Рэпарцёры без межаў"
На Лукашэнку падалі ў Міжнародны крымінальны суд за пераслед журналістаў / pixabay.com
Праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" падала скаргу ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) на Аляксандра Лукашэнку. Падставай для скаргі сталі "беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі" супраць журналістаў, якія ладзіць кіроўны рэжым.
Арганізацыя заклікала пракурора Карыма Хана расследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі ў дачыненні журналістаў. Адзначаецца, што менавіта журналістаў "сістэматычна пераследуюць".
"Рэпарцёры без межаў" са жніўня 2020 года зафіксавалі адвольныя арышты амаль 400 журналістаў, пры гэтым 43 журналісты дагэтуль знаходзяцца ў турмах Беларусі. Многія супрацоўнікі СМІ былі вымушаныя пад пагрозай рэпрэсій уцякаць у Польшчу і Літву. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што "сама па сабе прымусовая высылка кваліфікуецца як злачынства супраць чалавечнасці".
Раней, у верасні 2024-га, заяву ў МКС падала Літва: яна прасіла Карыма Хана расследаваць меркаваныя злачынствы рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці падчас рэпрэсій супраць апанентаў. Офіс пракурора праводзіць папярэднюю праверку, але такая заява не заўсёды прыводзіць да пачатку афіцыйнага расследавання.