Затрымалі музыку з Мядзела, на якога скардзілася Бондарава

Аляксандр Хіхель / instagram.com/aleksandr_hihel
Сілавікі затрымалі музыку з Мядзела Аляксандра Хіхеля. Пра гэта паведамілі 4 чэрвеня прапагандысты Рыгор Азаронак, Людміла Гладкая і Вольга Бондарава, заўважыла выданне "Зеркало".
У пастах прапагандыстаў гаворыцца, быццам Хіхель "спяваў дурныя песенькі супраць СВА /так прапагандысты называюць расійскую агрэсію супраць Украіны. — Еўрарадыё./, супраць нашай улады, супраць Расіі, супраць Дня Перамогі".
Прарасійская прапагандыстка Бондарава паведаміла, нібыта Хіхеля прыцягнулі да адказнасці "за стварэнне і распаўсюд экстрэмісцкага кантэнту". Таксама яна абвінаваціла мядзелскіх чыноўнікаў, што яны тры гады ігнаравалі "сігналы ад грамадзян" і папрасіла сілавікоў звярнуць увагу. Ад Азаронка Бондарава запатрабавала, каб ён адзначыў, дзякуючы каму быў затрыманы Хіхель.
Данос на мядзелскага музыку Бондарава апублікавала ў сябе ў канале ў лістападзе 2024-га. Яна напісала, быццам Хіхель у 2020-м "падтрымаў спробу дзяржаўнага перавароту, але па шыі не атрымаў".
Аляксандр Хіхель — аўтар і выканаўца ўласных песень. Ён пісаў песні на вострасацыяльныя тэмы і публікаваў відэа ў сацсетках. Па стане на 4 чэрвеня яго YouTube-канал з 49 тысячамі падпісчыкаў недаступны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.