Забор паміж Беларуссю і светам стаў вышэй: Польшча мадэрнізавала загароджанні

Мяжа Еўрасаюза з Беларуссю / x.com/Straz_Graniczna
Электронны бар'ер запрацаваў на падляскім участку польска-беларускай мяжы, паведамілі ў памежнай службе Польшчы. Загараджанні пабудаваны нават на рэках — Свіслач і Істачанка.
Польскія памежнікі дадаюць, што цяпер электронны кантроль дзейнічае ўздоўж усёй мяжы Беларусі з Падляскім ваяводствам Польшчы.
Акрамя электроннага бар'ера, мяжа з Беларуссю з боку Польшчы абаронена і сталевым загараджаннем вышынёй 5,5 метра.
Сітуацыя на польска-беларускай мяжы абвастрылася, сказаў кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Паводле яго слоў, замежнікі, якія з боку Беларусі спрабуюць патрапіць у ЕС у абыход рэгулярных працэдур, сталі паводзіць сябе жорстка. Мігранты дзейнічаюць у складзе вялікіх груп, яны кідаюць камяні або галіны, а таксама спрабуюць праламаць загароджу балгаркамі. Толькі за ноч з пятніцы на суботу было зафіксавана некалькі сотняў спроб пранікнення ў Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.