За здабытыя персанальныя даныя сілавікоў асуджаны супрацоўнік "Белтэлекама"

Дзмітрый Каханоўскі / spring96.org
Дзмітрый Каханоўскі / spring96.org

За здабытыя персанальныя даныя сілавікоў на шэсць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму асуджаны супрацоўнік "Белтэлекама", палітвязень Дзмітрый Каханоўскі, піша @viasna96. Яго крымінальную справу Віцебскі абласны суд (суддзя — Яўген Буруноў) разглядаў у закрытым рэжыме.

Каханоўскі прызнаны вінаватым у "неправамоцным завалоданні камп’ютарнай інфармацыяй", "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" і "незаконных дзеяннях у дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных". Згодна з абвінавачваннем, мужчына нібыта "здабываў з базы асабістыя даныя сілавікоў, дзяржслужачых, суддзяў". Згадваюцца 46 такіх эпізодаў.

Дзмітрый Каханоўскі — інжынер-сістэматэхнік Магілёўскага аддзялення "Белтэлекама”. Яго затрымалі на працоўным месцы 28 кастрычніка 2021-га. КДБ уключыў палітвязня ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.