За паўгода Польшча адмовіла ва ўездзе менш як 900 беларусам

Мяжа Польшчы, ілюстрацыйнае фота / s13.ru
За першыя шэсць месяцаў 2024 года Польшча адмовіла ва ўездзе 882 грамадзянам Беларусі.
Па гэтым паказчыку нашыя суайчыннікі на другім месцы пасля грамадзянаў Украіны (6622) і ў два разы апярэджваюць грамадзянаў Грузіі (427) і Малдовы (403), якія ў статыстыцы польскай Памежнай службы займаюць трэцяе і чацвёртае месцы.
Самая частая прычына адмоваў — адсутнасць дакументаў, якія б пацвярджалі мэту паездкі. На другім месцы — адсутнасць візы. На трэцім — "іншыя прычыны".
Колькасць адмоваў ва ўездзе складае прыкладна 0,13%. Агулам за паўгода ў Польшчу прыехаў 611 301 грамадзянін Беларусі.
Гэта амаль у сем разоў болей, чым грамадзян Польшчы, якія за той жа час наведалі Беларусь. Калі верыць беларускаму Памежнаму камітэту, за студзень-чэрвень 2024 года "бязвізам" скарысталіся 87 849 асобаў з польскім пашпартам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.