За фатаздымак каля ўлёткі гамельчука асудзілі як за несанкцыянаваны пікет

21 ліпеня суд Цэнтральнага раёна аштрафаваў гамельчука Аляксея Раманава на 540 рублёў (20 базавых велічыняў). Суд пагадзіўся з міліцыянтамі, якія склалі на мужчыну пратакол за несанкцыянаваны пікет.
Сам Раманаў кажа, што ішоў праз парк і пабачыў лаўцы наклееную ўлётку з надпісам "Міліцыя з народам! [Жаргонная назва праваахоўнікаў] — з Лукашэнкам!". Ён прысеў на лаўку і папрасіў мінака сфатаграфаваць на фоне ўлёткі. Выявілася, што яго суразмоўцам стаў міліцыянт.
"Ён мне сказаў: "Што гэта за правакацыя? Я сам супрацоўнік міліцыі!" Я кажу: "Якая правакацыя? Ты ж бачыў, што ня я клеіў, мы ж побач з табой ішлі! І што я парушаю?" Ну ён усміхнуўся, сфатаграфаваў мяне і пайшоў далей", — перадае Радыё "Свабода" словы Раманава.
Здымак з улёткай з'явіўся ў ў гомельскіх Telegram-каналах. І гэтага было дастаткова, каб на мужчыну склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.