З-за моцных халадоў у Беларусі пачасціліся выпадкі абмаражэнняў
За мінулыя суткі ў Мінскай вобласці зарэгістравалі 3 выпадкі абмаражэння, а ў Віцебскай — 8 холадавых траўмаў. Як перадае прэс-служба МНС, усяго з пачатку года было 10 такіх выпадкаў: 2 — у Барысаўскім раёне, 1 — у Капыльскім, 2 — у Лагойскім, 3 — у Салігорскім, 1 — у Старадарожскім, 1 — у Чэрвенскім.
У Віцебскай вобласці 6-7 студзеня холадавыя траўмы атрымалі 8 чалавек, апроч таго, выратавальнікі за суткі 10 разоў выязджалі на буксіроўку аварыйных аўтамабіляў.
Спецыялісты МНС адзначаюць, што пры такіх маразах трэба датрымлівацца пэўных захадаў бяспекі: не варта спажываць алкаголь, які выклікае вялікую страту цяпла, не рэкамендуецца курыць на марозе, а таксама не варта насіць металічныя ўпрыгожанні, якія могуць прыліпнуць да скуры і выклікаць холадавую траўму.