Юрыя Жыгамонта з "Падарожжаў дылетанта" пачалі цкаваць "рускамірцы"

Юрый Жыгамонт

Юрый Жыгамонт / фрагмент праграмы "Падарожжы дылетанта"

Прыхільнікі "рускага свету" пачалі цкаваць Юрыя Жыгамонта — вядоўцу папулярнай праграмы "Падарожжы дылетанта". Праграма пра беларускія мясціны і пра любоў да беларускай гісторыі праз некалькі гадоў вярнулася на YouTube.

У "Падарожжах дылетанта" Жыгамонт наведвае розныя беларускія мясціны, расказвае пра гісторыю, архітэктуру, адметнасці, традыцыі, мясцовыя легенды і духоўную спадчыну.

Новы выпуск, які выйшаў сёлета ў траўні, прысвячаецца Гервятам у Гродзенскай вобласці.

Аднаўленне праграмы выклікала лютае раздражненне ў прыхільнікаў "рускага свету", заўважыла "Наша Ніва".

"Ва Украіне ўсё таксама пачыналася з "цікавостак", — пракаментаваў Рыгор Азаронак.

Прапагандыст Вадзім Гігін назваў праграму Жыгамонта "часткай тыповага змагарскага багажу" і прызнаўся, што сваім часам ён прыняў удзел у выгнанні гэтай праграмы з эфіру Белтэлерадыёкампаніі. Дапамог яму ў гэтым Азаронак-старэйшы. "Што ж, зрабіць разгромную рэцэнзію на "Падарожжы" цяжкасцяў не складала: там быў ляп на ляпе і ляпам паганяла. А Юрый Уладзіміравіч Азаронак, тады намеснік старшыні на БТ, прыняў адпаведнае рашэнне", — падзяліўся падрабязнасцямі Гігін.

Прарасійскі актывіст Сяргей Лушч, які атрымлівае грошы на антыбеларускую дзейнасць ад Крамля, сказаў, што некалі працаваў мантажорам на праграме "Падарожжы дылетанта". У праграме Азаронка ён абвінаваціў Жыгамонта ў русафобіі, дылетантызме і міфастваральніцтве: маўляў, вядоўца праграмы на хаду прыдумляў гісторыю — нават без сцэнара. Паводле словаў Лушча, ён падчас працы на "Падарожжах дылетанта" пісаў даносы на яе кіраўніцтву тэлеканала СТБ. Пасля гэтага Жыгамонта звольнілі і з СТБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.