Як адаб’ецца абвал рынку нафты на бензіне ў Беларусі?
Краіна рызыкуе атрымаць менш мытнай пошліны. Да таго ж бензін прывязаны да курса долара.
Сусветныя таварныя біржы дэманструюць падзенне цэнаў на нафту: ф'ючарсавыя закупы гатунку Brent ацэньваліся ў $69,5 за барэль.
Абвал цэнаў на “чорнае золата” абумовіла рашэнне 12 краінаў АПЕК не змяняць квоты на яе здабычу, прынятае 27 лістапада ў Вене.
Шараговага спажыўца ў такіх сітуацыях звычайна турбуе пытанне: як адлюструецца абвал рынку на кошце бензіну?
Вядома, змены на рынку нафты ўплываюць на цану паліва, але ў розных краінах па-рознаму. Усё залежыць ад механізма ўтварэння цаны на гэтыя прадукты.
Напрыклад, у ЗША, паводле дадзеных тамтэйшага статыстычнага агенцтва міністэрства энергетыкі, цана 1 галона бензіну складаецца на 64% з кошту сырой нафты, на 8% — з выдаткаў на перапрацоўку, на 15% — з лагістычных і маркетынгавых выдаткаў і на 13% — з федэральнага акцызнага збору. Такая сістэма цэнаўтварэння абумоўлівае залежнасць кошту бензіну ад цаны на нафту.
Такім чынам, цяперашні абвал рынку нафты для амерыканскага спажыўца азначае, што студзеньская цана на бензін значна знізіцца.
Графік: Дынаміка цэнаў на бензін “regular” і яе залежнасць ад кошту нафты ў ЗША ў перыяд з 2009 па 2014 гг. Крыніца — часопіс "Атлантык". Блакітная рыса — рознічная цана бензіну “regular” за галон, карычневая рыса — цана нафты, зялёны слупок — розніца цэнаў, пасля штрыхавой рысы — прагнозы.
Па словах выканаўцы абавязкаў загадчыка кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і СНД геаграфічнага факультэта БДУ, спадара Генадзя Озема, утварэнне цаны паліва ў Беларусі адрозніваецца ад ЗША — яно прывязанае да курса нацыянальнай валюты:
“Напрыклад, бензін АІ-92 каштуе каля аднаго даляра ў беларускім эквіваленце. Гэты механізм дае магчымасць нашым НПЗ больш аператыўна рэагаваць на змены цаны нафтавай сыравіны, якую мы набываем у Расіі па перадаплаце і толькі за валюту. А такі ўзровень цаны бензіну дазваляе забяспечваць пэўную эфектыўнасць працы нафтаперапрацоўчых заводаў”.
Што да прагнозных цэнаў на паліва, то эксперт чакае іх павышэння. Бо рубель паступова дэвальвуецца. Да таго ж не надта зразумелая сітуацыя з пошлінамі на нафтапрадукты.
Рэч у тым, што стаўка вывазной мытнай пошліны завязаная на кошт нафты. Чым ніжэйшы гэты кошт, тым менш грошай атрымае бюджэт краіны. Калі нафта падае ніжэй за 70 долараў, мы дакладна не атрымліваем запланаваныя 1,5 мільярда мытнай пошліны.
“Таму цэны на паліва ў Беларусі, вядома, могуць павысіцца”, — прагназуе эксперт. Такім чынам, існуе высокая імавернасць таго, што беларускі спажывец трапіць у парадаксальную сітуацыю: падзенне цэнаў нафты на рынку павялічыць цэны на бензін.