"Я дапусціў некалькі памылак" — Ціханоўскі падвёў вынікі сваіх 100 дзён на волі

Сяргей Ціханоўскі / Краіна для жыцця
Экс-палітвязень Сяргей Ціханоўскі запісаў відэаролік, у якім падвёў вынікі сваіх першых ста дзён на волі пасля пяці гадоў за кратамі.
Ён назваў гэты перыяд складаным і насычаным ды прызнаўся, што зрабіў памылкі праз свае паспешлівыя дзеянні. Ціханоўскі кажа, што жахнуўся, калі ўпершыню пасля зняволення пабачыў сябе ў люстэрку.
"Многія крытыкі сказалі, што ў такім стане нельга з'яўляцца перад камерамі, а трэба пачакаць некалькі месяцаў. Але немагчыма маўчаць, калі табе не давалі гаварыць пяць гадоў. Я не мог сабе гэтага дазволіць, і я вырашыў дзейнічаць. Дзейнічаючы паспешліва, я зрабіў некалькі памылак, але бяздзейнічаючы, я не зрабіў бы нічога", — заявіў ён.
Цяпер Ціханоўскі прайшоў медабследаванне, займаецца здароўем, аднаўляе карціну падзей, якія прапусціў падчас зняволення. Беларускую сітуацыю ён цяпер ацэньвае ў міжнародным кантэксце: "Я разумею, наколькі вырашэнне беларускага крызісу цяпер залежыць ад геапалітычных працэсаў. Гэта частка глабальнага супрацьстаяння".
Таксама ён заявіў, што збірае сваю каманду, у якую выказалі жаданне далучыцца ўжо каля 500 чалавек. Аднадумцы яднаюцца вакол сайта руху "Краіна для жыцця" і яго персанальнага сайта. Таксама Ціханоўскі праводзіць сустрэчы з экс-палітвязнямі, з сем'ямі палітвязняў.
"Я таксама ўзяў на сябе абавязак спрыяць вызваленню ўсіх палітвязняў і правёў дзясяткі сустрэч з прэзідэнтамі, прэм'ерамі, міністрамі замежных спраў, чальцамі парламентаў Еўропы і ЗША. Я лічу, што гэта самая важная і тэрміновая задача, улічваючы выпадкова адчыненае акно магчымасцяў. Але самае галоўнае — я працягваю сустракацца і абмяркоўваць праблемы з простымі беларусамі. Я чую іх і гатовы стаць іх голасам", — падкрэсліў блогер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.