“Я цябе кахаю і чакаю”. Яна ў Кіеве, ён на лініі агню — гісторыя пары

Арына Коршунава з Данілам
“Каханне на мяжы” – праект пра беларусаў і беларусак, чые адносіны праходзяць выпрабаванне палітыкай і вайной, гісторыі кахання, якое выжывае насуперак усяму.
Паразмаўлялі з беларускай Арынай Каршуновай, чый хлопец Даніла ваюе за незалежнасць Украіны. Даведаліся, як гэта – кахаць падчас вайны і будаваць стасункі на адлегласці, дзе боль і страх – частка штодзённасці, а сустрэчы становяцца невымоўным шчасцем.
Арына Каршунова – грамадская актывістка, відэааператарка, была затрыманая КДБ у 2021-м годзе праз удзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў. Праз палітычны пераслед з боку ўладаў была вымушаная з’ехаць ва Украіну, дзе жыве і зараз. Каханы Арыны Даніла – украінец, па прафесіі інжынер нейрасетак, зараз – сяржант і аэравыведнік, ваюе за незалежнасць Украіны.
“Бывае, я ўчапляюся ў яго на якім-небудзь пероне. Бывае, што мне так страшна… – Па твары Арыны цякуць слёзы. – Мне здаецца, што ў яго таксама такое, што ён чапляецца за мяне, бо незразумела, калі мы наступны раз пабачымся. Бывае, гэтыя пару гадзін, ноч сустрэчы, яны толькі цябе раздраконілі, ты нібы раздзёр нейкую рану”.
Знаёмства: “Я не магу сабе нават уявіць, што ён мяне падмане”
Даніла знайшоў Арыну ў Instagram, шмат назіраў і вырашыў напісаць, хаця доўгатэрміновых стасункаў не шукаў. Яны шмат перапісваліся перад тым, як сустрэцца ўжывую, бо абодва з балючым досведам, ды і вайна – далёка не час для пабудовы стасункаў, тлумачыць Арына. Даніла часта знікаў, таму дзяўчына пераконвала сябе, што ў яго шмат іншых – гэты страх быў пасля мінулых стасункаў.

“Але з часам я ўсё больш разумела, якога характару гэты чалавек, і мяне гэта вабіла. Калі мы другі раз з ім сустрэліся, гэта было ў Пакроўску, тады каля 20 кіламетраў да лініі баявога сутыкнення, ён спытаў: “Рибо моя, чи будеш ти моя-моя?” У нас была сур’ёзная размова, як мы гэта можам сабе ўявіць. Я, канешне, вельмі сумнявалая, але адчувала, што ўцюхалася”, – дадае Арына.
Дзяўчына прызнаецца, што момант даверу стаў асноўным. У Данілу яна ўбачыла жалезную цвёрдасць ва ўсім, ён шчыры, прамы, і ўсё, што гаворыць – выконвае: “Я зразумела, што не магу сабе нават уявіць, што ён мяне падмане”.
“Я вымушаная ўяўляць пахаванне каханага”
Дзяўчына прызнаецца, што ў яе самой былі стэрэатыпы ў галаве пра стасункі на адлегласці: пабудаваць іх немагчыма, хтосьці камусьці будзе здраджваць.
“Я бачыла купу гісторый, як дзяўчыны ці хлопцы не дачакаліся адно аднаго і знайшлі сабе кагосьці, таму я сама сабе такія прагнозы будавала. А мая сям’я вельмі даўно не каментуе мае адносіны, яны проста зычаць мне ўсяго найлепшага і перажываюць са мной складаныя і добрыя моманты”.
Аказалася, што Даніла знікае, можа ўвесь дзень не адказваць, бо сапраўды шмат працуе. Арына прызнаецца, што гэта вельмі цяжка, бо яна сацыяльная, тактыльная, ёй неабходны гэты кантакт. Але пара мае некалькі правілаў у камунікацыі.
“Калі ён на пазіцыі, ён абавязкова мне піша, каб проста я ведала, што ўсё нармальна. Я пахавала некалькі сяброў летась, гэта не спрыяе спакою. Пасля кожнай смерці я кажу Данілу: “Я буду некалькі тыдняў асабліва моцна хвалявацца, калі ласка, проста напішы, што ты ок”. З кожнай смерцю я вымушаная ўяўляць і пахаванне каханага, што я буду рабіць, чым займацца, якая будзе мая роля, дзе я буду знаходзіцца ў гэты момант. Праз гэта часам плачу, бо мне страшна”.
Арыне цяжка размаўляць, голас знікае. Яна раней абаранялася ад такіх думак, але потым зразумела: яны ўсё адно лезуць і лепей іх пракруціць у галаве, калі будзе хоць трошкі больш спакойна.
“Мы разам больш за год, бывае і месяцамі не бачымся, а аднойчы і два тыдні разам правялі. Мы нават крызіс аднаго года пражывалі на адлегласці, і гэта была дурка, мяне вельмі моцна штарміла. Бо ў людзей, якія да вайны сустракаліся, ёсць нейкі агульны досвед, традыцыі, рытуалы, а ў нас гэта ўсё прыйшлося надбудоўваць у сітуацыі вайны і на адлегласці”.
Дзяўчына прызнаецца, што вельмі дапамагае псіхатэрапія, у якой яна ўжо паўтары гады, асабліва – прагаворваць словамі, што важна і што патрэбна:

“Я магу напісаць: “Калі ласка, як прачнешся, скажы, што ты кахаеш мяне, думаеш пра мяне”. І ён прачынаецца і робіць гэта, і ўсе задаволеныя. Хаця і думаеш: “Госпадзі, як я да яго палезу з гэтым усім? А хто яго падтрымае?” А потым разумею: я і ёсць яго падтрымка”.
Пакуль вы працягваеце функцыянаваць, як каманда, як сям’я, то ў моманце трэба адкінуць усё і аддаць сябе іншаму чалавеку, даць сваю падтрымку і ўзамен атрымаеш яшчэ больш, перакананая дзяўчына.
“Ой, як балюча… – Голас зрываецца. – Хочацца пра нешта марыць. Глядзіш нейкія рылсы, як людзі дзяцей заводзяць, сабак выхоўваюць. А ты не можаш марыць ні пра сям’ю, ні пра дом, бо вайна. Але я кожны дзень выбіраю Данілу, ён неймаверны чалавек, мне з ім добра. Хаця ў камунікацыі бывае вельмі цяжка, але мы гэта перамагаем”.
Дапамагае і жаночае кола. Сяброўкі Арыны зараз у падобнай сітуацыі: іх каханыя служаць або яны ўжо не з намі. “Лепей за іншую жачыну, жанчыну не зразумее ніхто. Я адчула гэтую сястрынскую моц, мы так пражываем нейкі супольны досвед разам”, – тлумачыць дзяўчына.
Сустрэчы: “У нас няма магчымасці адпачываць, пакуль Расея забівае нашых людзей”
Сустракацца пары ўдаецца нячаста, дадае складанасці і немагчымасць нешта запланаваць. А з адпачынкам яшчэ цяжэй:
“Даніла кажа: “Арыша, як я магу адпачываць, калі фронт сыплецца?” Бывае, ён ужо вельмі стамляецца, тады бярэ адпачынак. Агулам ён прытрымліваецца думкі, што ўсе мусяць яб*шыць, у нас няма магчымасці адпачываць, пакуль Расія забівае нашых людзей”.
Арына ўсе магчымасці кантакту ўспрымае з вялікай удзячнасцю і кажа, што Даніла таксама гэта адчувае, хаця знешне выглядае брутальна, унутры ён вельмі чуллівы.
“Вайна патрабуе быць таўстаскурым. Яго сябры казалі, што ён быў вясёлы хіпстэр да вайны, але зараз ён бачыў шмат страшнага, у яго няма варыянту заставацца вясёленькім”.
Звычайна Арына ездзіць да Данілы, але бывае, ён прыязджае ў Кіеў па справах і тады каханым удаецца хоць трошкі правесці часу разам.

“Нячаста бывае, што ўбачыліся, – і цудоўная ноч, рамантыка. Часам ён стомлены і проста спіць. Ён яшчэ любіць прапанаваць паглядзець фільм, і як толькі мы яго адшукаем, ён ужо засынае. Гэта вельмі міла”, – смяецца Арына.
Арына кажа, што яна надзейная партнёрка і нармалёва ставіцца да зменаў планаў, але прызнаецца, што ёй вельмі важна, каб гэта цанілі: “Я кажу: “Даніла, ну пахвалі ўжо мяне, я тут начую ў цягніках дзеля цябе”. Ён кажа тады: “Так, коточка, ти супер квіточка, я тебе люблю, ты молодець””.
Даніла вельмі стомлены вайной, і Арына ставіцца да гэтага з разуменнем, але марыць, каб у іх была магчымасць правесці час інакш, каб быў супольны досвед.
“Мару, што калісьці мы пойдзем у горы, згубімся ў незнаёмым горадзе і пабудзем разам. Я вельмі яскрава запамінаю яго, нават маленькія прыгоды, якія з намі здараліся, яны вельмі шмат што для мяне значаць, бо яны пра нешта нашае агульнае, што мы дзейнічаем, як каманда”.
“Я навучылася адпускаць яго рабіць ягоныя геройскія справы”
Данілу і Арыне давялося шмат чаму вучыцца ў гэтых стасунках, адно ад аднаго. Напрыклад, Арына навучылася прымаць тое, што яна не можа быць часткай досведу, які пражывае Даніла.
“Я навучылася адпускаць яго рабіць ягоныя геройскія справы. Я ведаю, што адбываецца на фронце, але ўсё адно я не той чалавек, з якім ён можа паўнавартасна абмеркаваць трэш у яго падраздзяленні”.
Таксама важна і прагаворваць не толькі свае патрэбы, але і моманты, калі ты шчасьлівая, кажа Арына.
“Проста ў моманце кажу: “Я зараз такая залюбленая табой, такая шчаслівая ад тваёй пяшчоты. Я ўзгадваю, як мы былі з табой, мне было так добра і так цёпла, я па табе так сумую”. Я гэта прагаворваю, каб ён адчуваў, што я ўдзячная. Таму тут і працуе, што мужчына табе дае х1, а ты яму аддаеш х2. Я вучуся гэтаму з ім, гэта працэс майго сталення, і мне цікава, што ён гэта прымае”.
Арына зняла фільм пра Данілу: “Трымала ў сакрэце ад яго, не казала, што тусуюся з яго сябрамі і нават выпіла з яго мамай”
Праз тое, што ў стасунках Арыны і Данілы ўсё на кантрасце, то светлых момантаў вельмі шмат. Гэта і сустрэчы, калі доўга не бачыліся, і асэнсаванне, наколькі Даніла адчувае Арыну, кажа дзяўчына і прыгадвае адну з сітуацый.
“Мы былі з ім на галіцкім вяселлі ягоных сяброў у Львове, шпацыравалі ў “Шаўчэнкаўскім гаі”, дзе хаткі з розных частак Украіны. Я расказвала, што ў нас таксама ёсць такія месцы ў Беларусі, якія ў нас хаткі, чым яны адрозьніваюцца ад украінскіх. Праз некалькі тыдняў ён даслаў мне падарунак на народзіны, і там адна з рэчаў – драўляны кулон, хатка, як у нас у Гарадзенскай вобласці з дзьвюма акенцамі, з высокім вострым дахам. Ён ведае, як мне баліць мая эміграцыя, і нават у дробязях шукае, што б для мяне стала праявай дому”.

Даніла дапамагае Арыне пражываць яе эмігранцкі досьвед і спрабуе разумець яго, хаця ў іх вельмі рознае мінулае і розны культурны кантэкст, што магло б стаць самым жорсткім бар’ерам у іх стасунках.
“Даніла са Львова і там людзі пакаленнямі захоўвалі гэты культурны пласт, ён у іх пад нагамі ляжыць. У мяне такога няма, я шукала гэта ў Беларусі, але не паспела выбудаваць дастаткова. Я б хацела акунуць яго ў беларускую тусоўку, якой я ганаруся, каб ён паслухаў песні, як мы размаўляем на беларускай мове, гісторыі пра турму і эміграцыю, каб ён убачыў нашыя вышыванкі, танцы”.
Акунуцца ў кантэкст, у якім жыў і рос Даніла, Арыне дапамог фільм, які яна вырашыла зняць пра свайго каханага да яго народзінаў.
“Я прыехала адна ў Львоў, пабачылася і паразмаўляла з сябрамі Данілы, пабыла ў месцах, дзе ён жыў, у музычную школу яго хадзіла. Я ўсё трымала ў сакрэце ад яго, не казала, што тусуюся з яго сябрамі і нават выпіла з яго мамай. І калі я ўжо прыехала да яго, уключыла фільм, ён увогуле не зразумеў, што адбываецца, – смяецца дзяўчына. – Я проста ўзяла ўсё ў свае рукі, і для мяне гэтыя знаёмствы былі вельмі важнымі, каб проста мець супольны досвед”.
Арына дадае, што светлыя моманты ёсць і тады, калі Даніла спявае. Але пасля выхаду з Запарожскага напрамку, потым з Аўдзееўкі, з Курскай вобласці, дзе адбываліся вельмі жорсткія падзеі, ён быў у цяжкім стане і вельмі доўга не спяваў.
“Я яму падаравала мікрафон-пятлічку, каб ён мне запісваў песні. І калі мне кепска, я іх слухаю. Я заўважыла рэдкасць і каштоўнасць гэтых момантаў, таму кожны раз, як я чую яго спеў, як ён прыгожа насвіствае, то мне лягчэй на душы, што ён раслаблены. Самыя мілыя моманты, калі ён проста напявае: “Сонечко мое, бусечка, ляляля”. Я ў гэты момант самая шчаслівая на свеце”.
Што такое каханне?
Арына з Данілам лічаць, што каханне да людзей прыходзіць менавіта пасля расчаравання, калі спадаюць ружовыя акуляры, кажа дзяўчына.
“Пры ўсім кантэкце, я ўсё адно пражываю ўсё найлепшым чынам, усе гэтыя сустрэчы, цягнікі, бясконцы пошук беларушчыны ва ўсім, што цябе атачае. Няма іншага шляху. Мы выбралі адно аднаго. І калі ён паглядзеў фільм, які я зрабіла, ён сказаў: “Я люблю, як ты мяне любіш”. Гэта цікава. Мы вучымся, усё наперадзе”.
Што б ты сказала Данілу проста цяпер?
“Я цябе кахаю і чакаю”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.