Вызвалілася палітзняволеная Вера Цвікевіч, яе дэпартуюць з Беларусі

Вера Цвікевіч / Vk.com
Вера Цвікевіч / Vk.com

Вызвалілася палітзняволеная Вера Цвікевіч, яе дэпартуюць з Беларусі, піша @viasna96. Яна з'яўляецца грамадзянкай Расіі, мела від на жыхарства ў нашай краіне. 26 кастрычніка Цвікевіч выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Але пасля вызвалення яе адразу павезлі на мяжу з Расіяй — ёй забаранілі ўезд у Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. Перад дэпартацыяй нават не далі сабраць рэчы. 

Сваякі Веры Цвікевіч калісьці выехалі з Беларусі ў Расію, а яна захацела вярнуцца, нейкі час працавала актрысай у тэатры ў Слоніме. У жніўні 2020-га фотаздымак дзяўчыны з пратэстаў быў апублікаваны на першай паласе "Комсомольской правды в Беларуси". 29-гадовую Цвікевіч сілавікі затрымалі 27 студзеня 2022-га ў Мінску, суда яна чакала ў СІЗА № 1. У траўні яе прызналі вінаватай у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак...", асудзілі на год калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Веру Цвікевіч палітзняволенай. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.