Выйшаў на волю 20-гадовы палітвязень Уладзіслаў Тамашэвіч

Уладзіслаў Тамашэвіч з мамай пасля выхаду з калоніі / Фота праваабаронцаў
На волю выйшаў 20-гадовы палітвязень Уладзіслаў Тамашэвіч, паведамляюць праваабаронцы. Уладзіслаў — жыхар Маладзечанскага раёна. Яго абвінавачвалі ў тым, што разам са знаёмым Аляксеем Чашуном яны падпалілі дзяржаўны сцяг, які вісеў каля адной з крамаў у вёсцы Краснае.
Прысуд Тамашэвічу і Чашуну вынеслі ў лістападзе 2021 года. Уладзіслава прысудзілі да 1 года і 5 дзён зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, Аляксея — да года. Хоць дзяржабвінаваўца прасіў для абодвух больш мяккае пакаранне — год хатняй хіміі і 3 месяцы арышту. Але суддзя Вольга Дубовік адправіла хлопцаў у калонію.
Аляксей Чашун выйшаў на свабоду 17 чэрвеня, Уладзіслаў — сёння. Пакаранне ён адбываў у бабруйскай калоніі № 2.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.