"Вы ўсё ўжо вырашылі": жонка фатографа Мішчука пра скандал з пашпартам прыкрыцця

Іван Мішчук / ivanmikphoto / Instagram
"Я вам не веру, што вы наогул людзі", — сказала журналістам Еўрарадыё Юлія Мішчук (таксама Бойка), беларуская фатографка ў Варшаве і жонка Івана Мішчука, у якога ў канцы траўня выявілі пашпарт "прыкрыцця".
Гэты легендаваны дакумент выдаецца або ствараецца для выканання аператыўна-вышуковай дзейнасці як супрацоўнікам сілавых структур, так і простым людзям.
У Івана Мішчука быў такі пашпарт на імя Івана Мішына, выдадзены ў 2021 годзе. У Польшчы хлопец працуе фатографам на забаўляльных мерапрыемствах і на палітычных сустрэчах. Наяўнасць другога пашпарта сам Іван адмаўляе.
Еўрарадыё звязалася з яго жонкай Юліяй, каб даведацца пра яе версію таго, што адбылося. Хоць дзяўчына не хацела з намі размаўляць і даваць каментары, тэлефонная размова доўжылася больш за сем хвілін.
"Нічога не скажу"
У размове з Еўрарадыё Юлія не адказала на пытанне, ці знаходзіцца яна ці Іван цяпер у Польшчы. Але распавяла, што сям'я сутыкнулася з наступствамі травеньскіх публікацый:
— Мы цалкам страцілі магчымасці ў сваёй сферы дзейнасці, у фатаграфіі, хоць неяк сябе праявіць. Людзі адвярнуліся. Усе практычна пляцоўкі адмовіліся ад Івана цалкам, ад мяне часткова.
"Нейкая незразумелая фатаграфія"
На пытанне, ці спрабавалі яны даказаць, што абвінавачванні супраць Івана непраўдзівыя, ці нават падаць у суд, Юлія адказала так:
— Праз вашу газету? Сур'ёзна? Мы будзем даказваць праз ваш паблік? Вы ўжо ўсё апублікавалі. Вы ўжо сваё меркаванне растлумачылі, што вы падтрымліваеце ўсе гэтыя навіны.
Чаму вы сваё расследаванне асабістае не правялі, перш чым публікаваць такую навіну? Чаму вы гэта паднеслі як факт?
Справа ў тым, што наяўнасць пашпарта прыкрыцця ў Івана пацвярджаецца базай, якую маюць актывісты арганізацый BELPOL і "Кіберпартызаны". Па словах прадстаўніка BELPOL Уладзіміра Жыгара, такі дакумент ствараецца пад канкрэтную задачу і затым захоўваецца ў органе, які яго выдаў.

Акрамя таго, асобы, на якіх ён аформлены, могуць не мець яго на пастаяннай аснове — ці нават ніколі не бачыць яго ўжывую. Важна тое, што не ўсе, каму выдавалі пашпарт прыкрыцця, распрацоўваюць дэмакратычную апазіцыю, але такое таксама бывае.
Юлія Мішчук звяртае ўвагу, што ніякіх баз звестак не бачыла, і ўсё, што ёсць супраць Івана — "нейкая незразумелая фатаграфія і ўсё".
Раней у каментары "Нашай Ніве" прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар распавёў, што ў арганізацыі ёсць база ўсіх пашпартоў прыкрыцця.
Актывісты і палітыкі могуць звяртацца ў BELPOL, калі нейкі чалавек выклікае ў іх падазрэнне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.