“Вы мне квіткі па 200-250 тысяч, а я вас падкіну ў Барысаў і назад на аўто!”
Абтэлефаноўваем аб'явы на форумах і паўсюль чуем адно і тое ж: "Квіткі толькі што забралі" ці "Вы спазніліся".
У абед 29 верасня квіткі на форумах прадаюць па 400-500 тысяч, пасля 14-ці з'яўляюцца таннейшыя — па 350 тысяч, ёсць прапановы і за 200, аднак сустракаюцца і дарагія варыянты — па мільёне і даражэй:
"Прадам 2 квіткі побач, матч БАТЭ-"Рома". 1 катэгорыя, сектар В1, месцы знаходзяцца на некалькі шэрагаў вышэй ад выхаду футбалістаў з памяшкання. За танна не аддам, перакупшчыкі могуць не пісаць. Кошт — 1.800.000 за адзін квіток. Сваё меркаванне наконт таго, што дорага, пакіньце пры сабе, такія квіткі проста так не набудзеш".
Натуральна, што такія аб'явы выклікаюць абурэнне ці жарты фарумчан. Але футбольныя заўзятары не губляюць надзеі і паралельна размяшаюць аб'явы кшталту: "Набуду квіток 2-й ці 3-й цанавой катэгорыі. Пажадана, па намінале ці ніжэй" ды прапануюць бартар: маўляў, вы мне квіткі па 200-250 тысяч, а я вас падкіну ў Барысаў і назад на аўто.
На днях з'явілася інфармацыя, што мінская міліцыя разам з падатковай канфіскавала ў перакупшчыкаў квіткі на матчы Лігі чэмпіёнаў на 50 мільёнаў рублёў. Перапродажам квіткоў займаліся жыхары Мінска. Напрыклад, 43-гадовы беспрацоўны мінчанін спрабаваў прадаць адразу 9 квіткоў за 6 мільёнаў рублёў. Гэта пры тым, што ў касах прадавалі толькі па два квіткі ў адны рукі. Канфіскаваныя квіткі, па словах прэс-сакратара мінскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, мусілі быць аддадзеныя ў касы.
У кампаніі Ticketpro інфармацыю пра паступленне канфіскаваных квіткоў пацвердзілі. Але іх было не шмат і ўжо раскупілі:
"Канфіскат быў учора ці нават пазаўчора, але на дадзены момант квіткоў у наяўнасці нуль. Было не шмат квіткоў. У продажы былі таксама квіткі, ад якіх адмовілася УЕФА".
Нагадаем, 22 верасня ў продаж у Барысаве і Мінску паступілі каля 700 квіткоў на футбольны матч групавога раунда Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і італьянскай "Ромай". А 10-й гадзіне квіткі пачалі прадаваць у мінскім офісе "Тыкетпро". Купіць іх змаглі тыя, хто займаў чаргу з 6-й да 8-й гадзіны. Неўзабаве пасля 11-й у касе білетаў не стала, адпаведна, вялікая частка жадаючых патрапіць на матч засталася з нічым. У касах Барысава сітуацыя з квіткамі была не настолькі драматычнай і іх набылі ўсе жадаючыя. Дагэтуль былі імкліва распрададзеныя пакеты на ўсе хатнія матчы барысаўчан у межах Лігі Чэмпіёнаў. Дарэчы, набыць пакет па аб'яве яшчэ можна. І нават па намінальным кошце.
Фота: www.dfb.de