Віцяблянін пачынаў жыць з дзяўчатамі і адразу іх абкрадаў
Мінская міліцыя затрымала жыхара Віцебска, які знаёміўся з дзяўчатамі для рамантычных стасункаў, а потым абкрадаў іх. Як паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, 39-гадовы мужчына знаходзіў сабе партнёрак у Мінску праз інтэрнэт, завязваў стасункі і даволі хутка пераязджаў да чарговай пасіі. Пражыўшы з жанчынай прыкладна тыдзень, ён абкрадаў яе кватэру і забіраў адтуль ювелірныя вырабы, пасля чаго ехаў у Віцебск і цалкам знікаў з жыцця сваёй каханкі.
Скрадзеныя рэчы мужчына здаваў у ламбард, а грошы прапіваў. Цяпер яму інкрымінуюць крадзеж. Міліцыя шукае жанчынаў, якія маглі пацярпець ад дзеянняў зламысніка, але не звярнуліся да праваахоўнікаў.