УСУ збілі ўсе іранскія дроны, якія ноччу запусціла Расія
Для знішчэння дронаў былі задзейнічаныя зенітныя ўстаноўкі і авіяцыя /@kpszsu
У ноч на чацвер Расія атакавала Украіну іранскімі ўдарнымі дронамі Shahed-136/131. З паўночнага і паўднёвага кірункаў было запушчана 36 дронаў, усе яны былі збітыя, гаворыцца ў паведамленні Паветраных сіл УСУ. Украінскія вайскоўцы таксама дадалі, што "меркавана вораг меў на мэце атакаваць крытычную інфраструктуру і вайсковыя аб'екты ў заходніх рэгіёнах дзяржавы".
Напярэдадні вечарам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся з нагоды дронаў Shahed да народа Ірана. Ён распавёў, што Расія ўжо ўжыла супраць Украіны каля 1160 іранскіх дронаў, большасць з іх (амаль 900) збілі ўкраінскія вайскоўцы.
Зяленскі сказаў, што хацеў бы звярнуцца "да ўсіх — да грамадства, да іранскіх улемаў, да кожнай іранскай сям'і, да тых людзей, якія здольныя ўплываць на дзяржаўныя пастановы ў Іране". Ён задаў ім " простае пытанне: а для чаго вам быць саўдзельнікамі рускага тэрору? Чаму вы на баку дзяржавы-зла?".