Украінка, збітая ў Дубаі, кажа, што ў здзеках з яе ўдзельнічаў беларус

Марыя Кавальчук / фота з яе інстаграм-акаўнту
Украінская мадэль, якую ў сакавіку знайшлі збітай у Дубаі, заявіла, што ў здзеках над ёй удзельнічаў беларус. Пра тое, што з ёй адбылося 20-гадовая Марыя Кавальчук паведаміла ў інтэрв'ю Ксеніі Сабчак.
Марыя кажа, што прыехала ў Дубай на пачатку сакавіка па запрашэнні сябровак: там планаваліся фотасесіі і вечарынка. Там яна пазнаёмілася з 19-гадовым Арцёмам Папазавым — сынам багатага бізнесоўца з Данецка, які жыве ў ААЭ.
На наступны дзень Марыя праспала рэйс у Тайланд, і Арцём прапанаваў ёй застацца і адпачыць з яго сябрамі. Яны нібыта таксама збіраліся адправіцца ў Азію на прыватным самалёце яго бацькі. Кампанія адправілася ў гатэль. Там, як сцвярджае дзяўчына, мужчыны пачалі піць, ужываць наркотыкі і паводзіць сябе агрэсіўна.
Украінка гаворыць, што ёй не дазвалялі пакінуць кампанію, забралі дакументы і рэчы. Пры гэтым гучалі пагрозы і сэксуалізаваня намёкі.
У нейкі момант Марыя, па яе словах, уцякла і схавалася на будоўлі побач з гатэлем, а мужчыны пайшлі за ёй. Далейшае яна не памятае — магчыма, прычынай стаў удар па галаве. Ачомалася яна на вуліцы, дзе яе знайшлі мінакі і выклікалі хуткую. Лекары дыягнаставалі ў дзўчыны пераломы пазваночніка, рук і ног, але не выявілі прыкмет сексуалізаванага гвалту.
Украінка мяркуе, што яе маглі збіць ці нават скінуць з вышыні.
Кавальчук назвала імёны людзей, якія нібыта ў тую ноч былі разам з ёй на вечарыне. Акрамя Папазава гэта 29-гадовы беларус Аляксандр Лапціцкі, 20-гадовы расіянін Аляксей Крашэннікаў (дзяўчына кажа, што ён сышоў рана і не здзекваўся з яе), а таксама расійская блогерка Аляксандра Мярцалава і ўкраінка Мілена Далганава.
Цяпер дзяўчына разам з маці жыве ў Нарвегіі і аднаўляецца пасля сур'ёзных пераломаў. Перамяшчаецца яна ў інвалідным вазку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.