Уцякаючы ад ДАІ, матацыкліст у Мінску сутыкнуўся з патрульнай машынай

Пагоня даішнікаў за матацыклістам адбылася 15 ліпеня каля 17-й гадзіны ў Мінску. Яе вынікам сталі дзевяць пратаколаў на кіроўцу "Хонды".

Як піша onliner.by, на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Валгаградскай інспектары ДАІ звярнулі ўвагу на матацыкл "Хонда". Ім падалося дзіўным, што на байку стаяць нумары старога савецкага ўзору — чорныя на белым фоне. Даішнікі ўключылі пробліскавыя маячкі і праз гукаўзмацняльнік запатрабавалі, каб матацыкліст спыніўся. Але ён толькі павялічыў хуткасць і паспрабаваў уцячы. Даішнікі пачалі пагоню.

На Старавіленскім тракце каля перасячэння з вуліцай Арлоўскай байкер сутыкнуўся з патрульнай машынай, але працягнуў уцёкі. Затрымаць яго даішнікі змаглі толькі праз квартал. 24-гадовы хлопец за рулём быў цвярозы. Аднак ён ехаў без правоў, без тэхагляду. Нумары на "Хондзе", як выявілася, былі зарэгістраваныя на аўтамабіль "Масквіч".

На хлопца склалі дзевяць пратаколаў. Па словах інспектараў, агульная сума штрафаў можа быць настолькі вялікай, што яму давядзецца прадаць сваю "Хонду".

Фота — onliner.by