У Жодзіне затрымалі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з прадпрымальнікамі

У Жодзіне затрымалі актывістаў апазіцыі, якія спрабавалі правесці на мясцовым рынку мітынг у падтрымку прадпрымальнікаў. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на сустаршыню аргкамітэта “БХД” Паўла Севярынца, у 15.00 актывісты пайшлі з мегафонам па рынку, але міліцыя пачала затрымліваць удзельнікаў акцыі.
Затрыманыя чатыры чалавекі: двое сябраў незарэгістраванага Камітэта выратавання прадпрымальніцтва — Аляксандр Макаеў і Міхаіл Латышаў, а таксама кіраўнік мінскай абласной арганізацыі “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Павел Пракаповіч і старшыня барысаўскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Абрамовіч.
Па словах Паўла Севярынца, затрыманыя актывісты знаходзяцца ў міліцыі і застануцца там сама меней да панядзелка, да судоў. На волю могуць адпусціць Алеся Абрамовіча, бо ён мае пасведчанне інваліда.
Падобныя акцыі з патрабаваннем адмены шэрагу прэзідэнцкіх указаў, перш за ўсё ўказа № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці раней прайшлі 8 траўня ў Барысаве і 14 траўня ў Маладзечне. На ўдзельнікаў несанкцыянаваных мітынгаў складалі пратаколы.