У жаночым манастыры ў Падмаскоўі спрацавала выбуховая прылада

Следчыя працуюць на месцы выбуху ў Серпухаўскім жаночым манастыры / @mosoblproc
Сямёра дзяцей і адзін дарослы пацярпелі ад самаробнай выбуховай прылады, якая спрацавала на тэрыторыі Серпухаўскага жаночага манастыра ў Падмаскоўі. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў расійскіх праваахоўных органах.
Аднаго падлетка шпіталізавалі.
Выбух адбыўся каля 8 гадзін раніцы каля дзвярэй праваслаўнай гімназіі — яна размешчаная на тэрыторыі манастыра. Прыладу сюды прынёс мужчына. Ён затрыманы. Расійскія СМІ паведамляюць, што, паводле некаторых дадзеных, гэта "адзін з мясцовых жыхароў, былы выхаванец гімназіі".
Тэлеграм-канал Shot называе і яго імя — гэта 18-гадовы Уладзіслаў Стружанкоў. Ён выпусціўся з царкоўна-парафіяльнай школы ў мінулым годзе. У манастыр з выбухоўкай ён прыйшоў падчас ранішняй дзіцячай малітвы. Некаторы час сядзеў на прыступках, а затым прывёў СВП у дзеянне. Паводле некаторых дадзеных, яму адарвала нагу.
Была інфармацыя, што хлопец памёр ад страты крыві. Але пазней стала вядома, што ён знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.