У Японіі згарэў замак XV стагоддзя са спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

У Японіі ў прэфектуры Акінава згарэў замак Сюры XV стагоддзя са спісу аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", пажар пачаўся ў зале галоўнага корпусу ў ноч на чацвер. Ён працягваўся больш за 11 гадзін і ахапіў больш за 6 тысяч квадратных метраў. Сем будынкаў архітэктурнага комплексу, уключна з галоўным, згарэлі. Ніхто з людзей не пацярпеў — падчас пажару іх у замку не было. Прычына ўзгарання пакуль застаецца невядомай.
Па звестках паліцыі, напярэдадні пажару ў замку праходзіў фэст. 30 кастрычніка персанал актыўна рыхтаваўся да святочнага мерапрыемства.
Улады абяцаюць аднавіць замак. Рэстаўрацыйныя працы ўжо праходзілі ў 1980-я гады. У канцы Другой сусветнай вайны ў падвале Сюры знаходзіўся штаб японскай імператарскай арміі, і ён быў абстраляны амерыканскай артылерыяй, доўгі час стаяў у руінах. Для наведвання замак адкрылі ў 1992 годзе. У спіс ЮНЕСКА ён трапіў амаль два дзесяцігоддзі таму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.