У Вілейцы пачнуць судзіць кіроўцу за аварыю, у якой загінуў міліцыянер
Трагічнае здарэнне адбылося 3 лютага. У загінулага праваахоўніка засталіся жонка і маленькі сын.
17 чэрвеня ў Вілейцы пачнуць судзіць кіроўцу за аварыю, у якой загінуў міліцыянер. Як паведамляла Еўрарадыё, трагічнае здарэнне адбылося ўвечары 3 лютага. 22-гадовы мясцовы жыхар ехаў на машыне KIA Shuma па другаснай дарозе і калі выязджаў на галоўную, не пераканаўся, ці будзе гэты манеўр бяспечным. У выніку адбылося сутыкненне з службовым аўтамабілем ГАЗ 22171. У ім ехаў 25-гадовы прапаршчык міліцыі Дзяніс Шульгач, які атрымаў цяжкія траўмы і памёр. У яго засталіся жонка і маленькі сын.
Кіроўца KIA Shuma таксама быў траўмаваны, яго шпіталізавалі ў лякарню. Адразу ж была распачатая крымінальная справа. Маладому чалавеку пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Працэс у судзе Вілейскага раёна пачнецца сёння а 10-й гадзіне.
Фота: onliner.by