У верасні польскія памежнікі спынілі тысячы спробаў парушэння мяжы

У аўторак польскія памежнікі спынілі яшчэ 230 спробаў незаконнага перасячэння мяжы / twitter.com/Straz_Graniczna
З пачатку верасня польскія памежнікі спынілі больш за 2700 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Штодня памежная служба Польшчы паведамляе пра сотні такіх выпадкаў.
У аўторак былі спыненыя 230 чалавек, якія спрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы з Беларусі. Усіх парушальнікаў развярнулі назад.
За дапамогу ў арганізацыі незаконнага пераходу мяжы затрыманыя 4 чалавекі.
Польшча, Латвія і Літва вымушаныя былі ўвесці надзвычайнае становішча на межах сваіх краін з Беларуссю праз вялікую плынь нелегальных мігрантаў — пераважна выхадцаў з Блізкага Усходу і Афрыкі. У ЕС мяркуюць, што да стварэння міграцыйнага крызісу на мяжы датычныя беларускія ўлады. 8 верасня прадстаўніцтва ЕС у Беларусі абвясціла дэмарш беларускаму МЗС "у сувязі з незаконнымі пераходамі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз" і настойліва папрасіла "ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку". У МЗС абвінавачванні адпрэчваюць.
Канцлерка Германіі Ангела Меркель днямі назвала крызіс з мігрантамі на мяжы "гібрыднай атакай" з боку Беларусі і заклікала афіцыйны Мінск "адумацца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.