У рэгіёнах спрабуюць аднавіць планавую меддапамогу, як патрабаваў Лукашэнка
У Светлагорскай ЦРБ да планавай працы вернуць 10 акушэрскіх ложкаў, якія раней выкарыстоўвалі для каранавірусных пацыентаў / ranak.me
Каля 250 ложкаў плануюць да канца тыдня вярнуць профільным хворым у Гомельскай вобласці, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Мікалая Кудзеньчука.
Гаворка ідзе пра месцы і аддзяленні, якія ў рэгіёне былі перапрафіляваныя для пацыентаў з COVID-19. Для аказання дапамогі такім пацыентам у цяперашнюю хвалю каранавіруса ў рэгіёне цяпер задзейнічана 5 тысяч 760 ложкаў, або амаль 40% ад агульнай колькасці месцаў у стацыянарах.
"Для паляпшэння даступнасці аказання планавай медыцынскай дапамогі насельніцтву да 7 лістапада плануецца вярнуць у звычайны рэжым функцыянавання 248 ложкаў", — расказаў чыноўнік.
Каля двух тыдняў таму Аляксандр Лукашэнка падчас нарады, прысвечанай сітуацыі з каранавірусам, запатрабаваў не адмяняць у краіне аказанне планавай меддапамогі. "Ніякай адмены планавых маніпуляцый, аперацый, кансультацый быць не павінна", — распарадзіўся ён.
На мінулым тыдні аб выкананні патрабаванняў Лукашэнкі зрабілі справаздачу чыноўнікі ад медыцыны ў Брэсцкай вобласці. У мясцовай абласной клінічнай бальніцы вырашылі вярнуць да звычайнай працы 4 з сямі аддзяленняў, разгорнутых у клініцы пад кавідных хворых. Пры гэтым скарачэння пацыентаў з COVID-19 у Брэсцкай вобласці на пачатак тыдня не назіралася, было толькі "невялікае зніжэнне тэмпаў росту колькасці пацыентаў". Пра гэта расказваў галоўны ўрач абласной бальніцы Аляксандр Карпіцкі.