У раёне Чарнобыльскай АЭС гарыць каля 10 тысяч гектараў лесу
Зона адчужэння / Еўрарадыё
У раёне Чарнобыльскай АЭС гарыць каля 10 тысяч гектараў лесу. Пра гэта паведаміла ўкраінскі амбудсмэн па правах чалавека Людміла Дзянісава.
Паводле яе інфармацыі, кантроль і тушэнне пажараў немагчымыя з-за таго, што зона адчужэння захоплена расейскімі войскамі. У выніку пажару вызваляюцца радыенукліды, якія пераносяцца ветрам на значныя адлегласці.
"Звяртаюся ў Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) як мага хутчэй адправіць ва Украіну экспертаў і абсталяванне для тушэння пажару, каб прадухіліць непапраўныя наступствы не толькі для Украіны, але і для ўсяго свету", — напісала Дзянісава.
Па словах амбудсмэна, прадухіліць катастрафічныя наступствы можна толькі шляхам неадкладнай дэакупацыі рускімі войскамі тэрыторыі.