У Расіі закрылі першую крымінальную справу аб ухіленні ад мабілізацыі
Мабілізацыя ў Расіі / ria.ru
Пракуратура Пензенскай вобласці спыніла першую вядомую крымінальную справу за ўхіленне ад мабілізацыі.
"Падазраваны атрымаў права на рэабілітацыю, уключаючы кампенсацыю шкоды, прычыненай 48-гадзінным затрыманнем", — перадае Бі-Бі-Сі словы праваабаронцы Паўла Чыкава.
Як распавядала Еўрарадыё, на 32-гадовага жыхара Пензенскай вобласці пачалі крымінальную справу за няяўку па позве ў ваенкамат. Між тым у Расіі закон прадугледжвае толькі адміністрацыйную адказнасць за такое правапарушэнне.
Пракуратура пацвердзіла, што крымінальная справа на Максіма Маісеева была пачатая незаконна. Аднак Следчы камітэт плануе абскардзіць гэтае рашэнне, кажа Чыкаў.