У Расіі загінуў спецназавец з Магілёва, былы паплечнік палкоўніка Паўлічэнкі
Юрый Міхайлаў / t.me/MAYDAYMog/
У Расіі загінуў спецназавец з Магілёва Юрый Міхайлаў, былы паплечнік палкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі, паведамляе MAYDAY.TEAM. Яму было 47 гадоў. Абставіны і месца яго смерці невядомыя. Вядома толькі, што Міхайлаў загінуў 2 чэрвеня "ад выбуху гранаты". Праз тыдзень цела прывезлі ў Беларусь, развітанне прайшло ў Магілёве, на яго прыязджаў Паўлічэнка.
Ён выступаў ад імя Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецназа МУС "Гонар". Дзмітрый Паўлічэнка згадаў, што ў 1990-я з такімі байцамі, як Міхайлаў яму "давялося разам рызыкаваць, стоячы плячом да пляча, жорстка спыняючы спробы замахаў на канстытуцыйны лад з боку бандыцкіх і па-экстрэмісцку настроеных элементаў". У 1995-1996 гадах Юрый Міхайлаў праходзіў тэрміновую службу ў 1-й роце спецпрызначэння в/ч 3214 (Уручча) у званні старшыны.
Палкоўнік Паўлічэнка — былы камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС. Мяркуецца, што ён быў камандзірам "эскадрона смерці", які выкрадаў і забіваў беларускіх апазіцыйных палітыкаў у 1999 годзе.
Сотні "ветэранаў" спецпадраздзяленняў у апошнія гады праходзяць рэгулярную падрыхтоўку. Галоўная іх задача — абарона рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Галоўным сваім праціўнікам Дзмітрый Паўлічэнка назваў падраздзяленні беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Нельга выключыць, што некаторыя былыя спецназаўцы ваююць ва Украіне на баку РФ.