У Рагачове знайшлі "партызанаў", якія паклалі каменьчыкі на чыгуначныя рэйкі
У Рагачове знайшлі "партызанаў", якія паклалі каменьчыкі на чыгуначныя рэйкі. Імі аказаліся вучні трэцяга класа, якія праводзілі "эксперымент". Пра гэтае здарэнне піша ельская раённая газета "Народны голас" (такая ж публікацыя ёсць і ў нараўлянскай раёнцы). Яно адбылося ўвечары 6 красавіка. Каменьчыкі на рэйках заўважыла жанчына (іх было паўтара дзясятка), яна іх скінула і паведаміла ў міліцыю. Паводле яе слоў, яна чула пра "рэйкавую вайну" і падумала, што гэта яна і ёсць.
На месца прыбыла следча-аператыўная група, якая абследавала чыгунку ў абодвух накірунках. Але нічога падазронага не знайшлі. Нічога не бачылі і машыністы цягнікоў.
Нейкім чынам міліцыянеры змаглі высветліць, што каменьчыкі на рэйкі паклалі два 9-гадовыя хлопчыкі. Яны прызналіся, што "з цікаўнасці" вырашылі пакласці камяні на рэйкі і паглядзець, што з імі будзе пасля праходжання вагонаў. Чакалі школьнікі каля 30-ці хвілін, але цягнік так і не з'явіўся. Ім гэта надакучыла, і яны сышлі. А камяні так і засталіся на рэйках.
Школьнікі нічога не ведалі пра тое, што ў пачатку красавіка на чыгунцы ў Гомельскай вобласці сілавікі палявалі на "рэйкавых партызанаў" (на Беларускай чыгунцы адбылося больш за 80 дыверсій). Наступствам "эксперымента" стала праверка, па выніках якой адказваць давядзецца бацькам дзяцей.