У Пружанах мужчына страляў па вераб'ях і раніў мінака
Крымінальную справу пачаў Пружанскі раённы аддзел Следчага камітэта на 29-гадовага мясцовага жыхара.
Як паведаміла агенцтву БЕЛТА афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, здарэнне адбылося ўвечары 6 лютага. Два непрацуючыя жыхары Пружанаў у тую суботу выпівалі ў кватэры аднаго з іх. Госцю захацелася разнастаіць адпачынак. Таму ён узяў пнеўматычную вінтоўку, якая належыць гаспадару, і некалькі разоў стрэліў з акна на пятым паверсе. Па словах мужчыны, яму хацелася "пастраляць па птушачках".
Але ахвярай страляніны стаў 57-гадовы мінак. Адна з куляў параніла яму левую шчаку. Пацярпелы пабачыў стралка ў акне і адразу ж выклікаў міліцыянтаў. Зламысніка затрымалі і пасадзілі ў следчы ізалятар. Паведамляецца, што мужчына ўжо неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
Цяпер на стралка пачалі крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства. Яму пагражае да 10 гадоў турмы.