У Пінску чацвёра мужчын у масках напалі на дом прадпрымальніка (фота)

У Пінску чацвёра мужчын у масках напалі на дом прадпрымальніка (фота)

У Пінску чацвёра мужчын у масках напалі на дом індывідуальнага прадпрымальніка. Здарэнне адбылося пасля 21-й гадзіны 4 студзеня. Як інфармуе прэс-служба МУС, зламыснікі зламалі дзверы і ўварваліся ў дом, звязалі скотчам жонку прадпрымальніка і яго 11-гадовую дачку. Яны пагражалі агнястрэльнай зброяй і забралі 11,5 тысячы долараў.

Гаспадар паспеў скарыстацца трывожнай кнопкай і на месца здарэння аператыўна прыехаў нарад аддзела Дэпартамента аховы. Міліцыянеры здолелі абясшкодзіць дваіх зламыснікаў, якія аказалі адчайны супраціў, спрабавалі завалодаць зброяй аднаго з праваахоўнікаў. Параненыя міліцыянерамі мужчыны (ва ўзросце 32 і 28 гадоў) затрыманыя і шпіталізаваныя, знаходзяцца там пад узмоцненай вартай. Пазней былі затрыманыя яшчэ двое ўдзельнікаў нападу. Вядома, што яны былі ўзброеныя помпавай стрэльбай.

Адзначаецца, што гаспадар дома і чальцы яго сям’і не пацярпелі. Цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці атрымаў адзін з міліцыянераў, яго шпіталізавалі.

Як паведамляла Еўрарадыё, падобны напад на дом індывідуальнай прадпрымальніцы адбыўся ў лістападзе 2017-га ў Баранавічах. Невядомыя ў масках звязалі жанчыну і патрабавалі аддаць грошы. Яна таксама паспела націснуць трывожную кнопку і зламыснікі ўцяклі.