У памежніка, які асудзіў гвалт, забралі медаль "За бездакорную службу"

Парадны кіцель Аляксандра Велясніцкага без медаля "За бездакорную службу" / media-polesye.by
У былога памежніка са Століна Аляксандра Велясніцкага забралі медаль "За бездакорную службу". Напярэдадні да яго дадому прыйшлі сілавікі, папрасілі вярнуць медаль і пасведчанне, паведамляюць праваабаронцы.
Велясніцкі ў цяперашні час знаходзіцца ў СІЗА, яго затрымалі ў канцы лістапада за каментар па "справе Зельцара". Ён прызнаны палітвязнем. Медаль і пасведчанне сілавікам аддавала яго жонка.
У жніўні 2020 года Велясніцкі выступіў супраць гвалту і сказаў, што адмаўляецца ад медаля.
"Пасля звальнення з памежнай службы мужу пакінулі права насіць парадную форму з усімі сумленна заслужанымі ўзнагародамі. Але, мяркуючы па апошніх дзеяннях, я не выключаю, што яго могуць пазбавіць звання афіцэра", — выказала здагадку Аксана Велясніцкая.

Праваабаронцы таксама паведамляюць пра прысуд яшчэ аднаму афіцэру, які летась выступіў супраць гвалту. Падпалкоўніка запасу Сяргея Шпака асудзілі на тры гады "хатняй хіміі". Яго абвінавачвалі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК РБ).
Шпак — адзін з удзельнікаў відэазвароту да беларускіх вайскоўцаў з заклікам задумацца аб тым, што адбываецца ў краіне. Ён таксама адзін з тых афіцэраў, якіх Лукашэнка сваім указам пазбавіў вайсковага звання. У Сяргея Шпака 28 гадоў бездакорнай службы ва Узброеных сілах. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.