У Мядзельскім раёне з медцэнтра эвакуявалі 111 дзяцей
У Мядзельскім раёне з Рэспубліканскага дзіцячага пульманалагічнага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі (ён размешчаны на беразе Нарачы) эвакуявалі 111 дзяцей. Прычынай стаў выпадкова разбіты ў адным з пакояў ртутны тэрмометр. Пасля вымярэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі пароў ртуці дзяцей часова вывезлі ў суседні санаторый (нязначнае перавышэнне нормы выявілі і ў фае будынка). На кепскае адчуванне ніхто не скардзіўся.
Як інфармуе прэс-служба МНС, персанал цэнтра атрымаў рэкамендацыі па вільготнай прыборцы памяшкання не менш чатырох разоў на дзень на працягу трох сутак. Для падстрахоўкі спецыялісты правядуць поўную дэмеркурызацыю корпуса.
Паколькі да канца змены заставалася менш за тыдзень, было вырашана закончыць яе раней. Міністэрства аховы здароўя прапануе дзецям, якія не адбылі да канца змену ў медцэнтры, прайсці дадатковы курс у жніўні.