У Мінску знішчаюць мурал, які летась рэстаўравалі

Так выглядае мурал цяпер / instagram.com/papaboselektah
На былой культурнай прасторы "Корпус" у Мінску знішчаюць мурал. Фота будынка з'явілася ў Інстаграм-акаўнце дыджэя Аляксандра Багданава (Papa Bo Selektah), заўважыла выданне "Зеркало".
На фота можна пабачыць, што на будынку па адрасе вуліца Машэрава, 9 амаль цалкам прыбралі пакрыццё разам з муралам.
Мурал у 2017 годзе зрабіў бразільскі мастак Дыега Дэдабліа ў рамках фестывалю Vulica Brazil.
Дарэчы, год таму на гэтым жа будынку ўжо адбываліся работы. Па відэа можна было меркаваць, што графіці зафарбоўваюць. Аднак выявілася, што мурал рэстаўравалі. Пра гэта паведамлялі і адміністрацыя раёна, і самі жыхары горада.
Аднак праз год адрэстаўраваны мурал вырашылі знішчыць.
Культурны цэнтр "Корпус" спыніў працу ў 2021 годзе. На яго месцы адкрылася арт-бістро з морапрадуктамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.