Да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе паставілі арт-лаўкі з рускімі надпісамі

У Лідзе паставілі алею арт-лавак да Дня беларускага пісьменства / Hrodna.life
7 верасня ў Лідзе будзе шырока адзначацца Дзень беларускага пісьменства. Да гэтага свята на бульвары Гедзіміна ў горадзе паставілі алею незвычайных лавак. Усе яны прысвечаныя тэме кнігі.
Аднак, як заўважыла Hrodna.life, усе надпісы на лаўках зробленыя толькі па-руску. Беларускай мове месца не знайшлося.
Лаўкі ставілі мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі ў межах конкурсу "Арт-лаўка". Сярод удзельнікаў — Лідскае ГУП ЖКГ (лаўка з крумкачом у акулярах), ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" (з бук-кросінгам) і ААТ "Лакафарба". Агулам удзел у конкурсе прынялі 27 прадпрыемстваў і арганізацый.
Арганізатары абяцаюць, што алея будзе папаўняцца штотыдзень. Ці з'явяцца там лаўкі з беларускімі надпісамі — пакуль невядома.




Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.