У Мінску выкралі няспраўнае аўто, якое прастаяла ў двары два гады

У Мінску выкралі няспраўнае аўто, якое прастаяла ў двары два гады

У Мінску з двара дома па вуліцы Багдановіча выкралі аўтамабіль, які прастаяў там два гады ў няспраўным стане: у машыне не працаваў акумулятар. Праўда, гэтая акалічнасць не збянтэжыла аўтазлодзея, які папрасіў знаёмага “прыкурыць” акумулятар ад іншай машыны, пасля чаго змог завесціся і з’ехаць.

Машыну “Рэно”, якая належыць жыхару Пухавіцкага раёна, знайшлі ў 2-м Мажайскім завулку. Высветлілі і асобы выкрадальніка: гэта 34-гадовы беспрацоўны мінчанін. Цяпер яму пагражае да 4 гадоў турмы.

Няспраўную машыну, пакінутую ў двары, крадуць ужо не першы раз: летась на яе паквапіліся двое падлеткаў, якіх своечасова прыцягнулі да адказнасці, перадае прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.