У Мінску пачаўся новы суд па справе аб гандлёвым знаку “Белсат”
Судовая калегія па інтэлектуальнай уласнасці паўторна разглядае зыск Андрэя Белякова да “Польскага тэлебачання”.
Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў нагадвае, што першапачаткова зыск супраць Telewizja Polska S.A. (менавіта яму належыць гандлёвая марка “Белсат”) быў пададзены ўладальнікам беларускай фірмы “БЕЛСАТплюс” Андрэем Беляковым яшчэ ў траўні мінулага года.
Па словах жа Белякова, яго кампанія, якая займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання, нібыта церпіць страты з-за сугучнасці з назвай тэлеканала. У студзені сёлета калегія Вярхоўнага суда зыск Белякова адхіліла ў сувязі з тым, што заяўнік не прадставіў доказаў парушэння яго выключных правоў на гандлёвы знак.
Разам з тым, праз пяць месяцаў пасля гэтага прэзідыум Вярхоўнага суда Беларусі прыняў рашэнне накіраваць зыск Андрэя Белякова супраць тэлеканалу “Белсат” на новы разгляд у сувязі з нібыта недасканалым вывучэннем доказаў па справе. Як мяркуюць самі журналісты “Белсату”, накіраванне справы на новы разгляд ажно праз пяць месяцаў пасля папярэдняга рашэння Калегіі па інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда, сведчыць пра палітычны падтэкст справы. На думку белсатаўцаў, не выключана, што такім чынам улады Беларусі хочуць яшчэ болей абмежаваць правы незалежных журналістаў.
Судовае пасяджэнне распачалося 2 верасня а 10-й гадзіне раніцы і, як мяркуецца, працягнецца некалькі дзён.
Фота — ria.ru