У Мінску на 21-гадовую дзяўчыну пачалі 39 крымінальных спраў
На дзяўчыну з Гродзеншчыны, якая пераехала ў сталіцу, пачалі 39 крымінальных спраў. Яе падазраюць у махлярстве і падробцы, вырабе, выкарыстанні альбо збыце падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў.
Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, больш за год дзяўчына прасіла сваіх знаёмых афармляць на сябе крэдыт у банку на мабільныя тэлефоны. Але пасля гэтага яна не выплачвала грошы за мабільнік.
Узятыя ў крэдыт тэлефоны дзяўчына прадавала па заніжаным кошце праз інтэрнэт. Атрыманыя ад продажу грошы яна пакідала сабе. Пацярпелымі былі знаёмыя і малазнаёмыя людзі, да якіх яна ўваходзіла ў давер.
Дарэчы, у сваёй роднай сястры дзяўчына скрала пашпарт і аформіла на яе растэрміноўку на два тэлефоны. Сястра была вымушаная звярнуцца ў міліцыю.
Цяпер зламысніцы можа пагражаць да чатырох гадоў пазбаўлення волі.