У Мінску былы аўтавакзал "Усходні" пераўтвараюць у Цэнтр тэхнічнай творчасці

Як зараз выглядае будынак / УП "Минскпроект"
У Мінску выходзяць на фінальную стадыю работы па перабудове былога аўтавакзала "Усходні" ў дзіцячы Цэнтр тэхнічнай творчасці.
На сёння завершаны работы па ўмацаванні сталёвых і жалезабетонных канструкцый. Завяршаюцца мураваныя і дахавыя працы. Вядуцца тынкавыя, электрамантажныя, сантэхнічныя і сталярныя работы.
Большая частка будынка ўжо аформленая шклянымі фасадамі. Таксама заліты фундаменты пад панарамны ліфт, які будзе прылягаць да фасада.



Якім будзе гарадскі Цэнтр тэхнічнай творчасці для дзяцей і моладзі
Улады Мінска абяцаюць стварыць інавацыйную адукацыйную пляцоўку ў сферы тэхналогій, інжынерыі і матэматыкі, якая будзе заахвочваць дзяцей да вынаходніцтва і навуковай дзейнасці.




На тэрыторыі цэнтра запланаваныя навучальныя лабараторыі авія- і ракетамадэлявання, аўта- і мотамадэлявання, робататэхнікі, радыёэлектронікі і мехатронікі, 3D-мадэлявання, радыёкіраваных аўтамабіляў, суднамадэлявання, беспілотнікаў, трасавага мадэлізму, архітэктуры і дызайну, дзіцячы ІТ-цэнтр.
Для выпрабавання мадэляў будуць створаны спецыяльныя трасы, пляцоўкі і мабільны каркасны басейн.
Праект распрацаваны УП "Мінскпраект".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.