У Мінску бяздомны абрабаваў паралізаваную пенсіянерку, якую даглядаў
У Мінску 38-гадовы бяздомны мужчына абрабаваў часткова паралізаваную 78-гадовую пенсіянерку. Да гэтага ён паўгода жыў у кватэры жанчыны і дапамагаў ёй у гаспадарцы. Ён стараўся не вяртацца да асацыяльнага ладу жыцця і не спажываў алкаголь, аднак на Дзень святога Валянціна сарваўся: сустрэў старога прыяцеля і былую каханую і выпіў з імі.
Калі алкаголь скончыўся, кампанія захацела працягнуць вечарынку, але грошай на выпіўку ўжо не было. Тады зламыснік вярнуўся дадому, узяў на вачах пенсіянеркі грошы з яе сумкі і збег. Ён забраў 3 мільёны беларускіх рублёў, 100 долараў і 5 тысяч расійскіх рублёў.
У міліцыю звярнулася ўнучка пенсіянеркі, якая даведалася пра здарэнне. Мужчыну затрымалі цягам сутак і завялі на яго крымінальную справу за рабаванне, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Кастрычніцкага РУУС Мінска.