У Мінску 16-гадовая дзяўчына ўдзельнічала ў "паляванні" на адзінокіх мужчын

У Мінску 16-гадовая дзяўчына ўдзельнічала ў "паляванні" на адзінокіх мужчын

У Мінску затрыманая група маладых людзей (4 хлопца і 16-гадовая дзяўчына), якіх падазраюць у рабаваннях і разбоях. Як паведаміла БЕЛТА Таццяна Абозная, прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС сталіцы, дзяўчына, навучэнка ПТВ, у інтэрнэце знаёмілася з мужчынамі і дамаўлялася з імі аб сустрэчах каля крамаў ці гандлёвых цэнтраў, ды запрашала іх да сябе. У бязлюдным месцы на мужчын нападала група маладых людзей. Яны збівалі ахвяру, забіралі ў яго каштоўныя рэчы і грошы, паведамлялі, што дзяўчына — непаўнагадовая, і што калі мужчына звернецца ў міліцыю, у яго будуць праблемы (пры гэтым рабілі выгляд, што здымаюць відэа).

Апошні такі выпадак здарыўся на вуліцы Ціхай. Мужчыну ўдарылі па галаве жалезным ланцугом, забралі мабільны тэлефон, грошы. Пацярпелы дабраўся да праспекта Пераможцаў, дзе яго заўважылі і выклікалі хуткую, міліцыю. Праваахоўнікі затрымалі зламыснікаў, сярэдні ўзрост якіх складае 17 гадоў (малодшаму — 14 гадоў). За рабаванне і разбой прыцягваюць да крымінальнай адказнасці з 14 гадоў.