У мінскім метро патлумачылі, чаму больш не будзе аб’яваў па-англійску
Прэс-служба называе дзве галоўныя прычыны.
У мінскім метро з 1 студзеня зніклі аб’явы па-англійску. Мінчукі і госці сталіцы да іх ужо прывыклі. Як вядома, англійскую мову пачалі выкарыстоўваць напярэдадні хакейнага чэмпіянату свету, які праходзіў у Мінску ў траўні 2014 года.
Вось што расказаў Еўрарадыё прэс-сакратар мінскага метрапалітэна Андрэй Кузьмін:
“Па-першае, англамоўныя абвесткі ўводзіліся пад чэмпіянат свету па хакеі. Чэмпіянат скончыўся, прынялі рашэнне спыніць абвяшчэнне прыпынкаў у метро на англійскай мове, пакідаем толькі беларускую. Па-другое, дзвюхмоўныя абвесткі павялічвалі час, які цягнік праводзіў на станцыі. Цяпер час атрымаецца скараціць амаль у два разы”.
У метро дадаюць, што англійская мова на станцыях і ў пераходах застанецца на інфармацыйных шыльдах і указальніках. Там кажуць, што “замежныя турысты не павінны адчуваць дыскамфорту ў нашым метро" і шыльдаў "цалкам дастаткова для арыентацыі".
"Так робіцца ва ўсім свеце — аб’явы на роднай мове, інфармацыя на таблічках — на роднай і замежных”, — гавораць у мінскім метрапалітэне.