У мінчан вымагалі ў інтэрнэце грошы за “відэакаханне”
Жыхар Мінска стаў ахвярай вымагальнікаў у інтэрнэце — ад яго патрабавалі грошы за “відэакаханне”. Мужчына пазнаёміўся з дзяўчынай на сайце Topface. Паміж імі завязалася размова і дзяўчына прапанавала перайсці на відэасувязь па скайпе. Падчас размовы яна прапанавала заняцца віртуальным сэксам, а пацярпелы пагадзіўся і прыняў актыўны ўдзел у сеансе “відэакахання”. Пры гэтым відэасувязь адбывалася без гуку, бо мікрафон у дзяўчыны нібыта не працаваў.
Праз некалькі хвілінаў сувязь раптоўна абарвалася, а неўзабаве ў мужчыны сталі вымагаць 200 долараў, якія ён павінен быў перавесці на электронны кашалёк, іначай відэазапіс яго самазадавальнення пагражалі пераслаць яго сябрам і блізкім.
Мужчына перавёў грошы на пазначаны кашалёк, але праз нейкі час з некалькіх анкет у сетцы Вконтакте яму сталі прыходзіць патрабаванні аб пералічэнні яшчэ 50 долараў ЗША. Мінчанін адмовіўся плаціць, пасля чаго відэа разаслалі яго сябрам. Толькі тады ён пайшоў у міліцыю.
Праз некалькі дзён такіх ж самы выпадак здарыўся яшчэ з адным жыхаром сталіцы: таямнічая незнаёмка знайшла яго праз сетку Вконтакте, таксама запрасіла ў скайп і запісала на відэа, а потым патрабавала грошай. Пацярпелы адмовіўся плаціць, выдаліў сваю старонку Вконтакте і звярнуўся ў міліцыю.
Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, з пачатку года было восем такіх выпадкаў. Зламыснікі звычайна звязваліся са сваімі ахвярамі пры дапамозе ўзламаных старонак у сацыяльных сетках і выкарыстоўвалі міжнародныя нумары мабільнай сувязі. Для пераводу грошай яны выкарыстоўваюць непразрыстыя рахункі плацёжных сістэм, звычайна загадзя адкрытыя на імя ахвяры.
Праваахоўнікі заклікаюць аматараў віртуальных знаёмстваў да асцярожнасці і абачлівасці.