У Маскве распавялі пра запланаваны рабочы візіт Лукашэнкі ў Расію

У Маскве распавялі пра запланаваны рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расію. У панядзелак, 3 красавіка, кіраўнік Беларусі сустрэнецца ў Санкт-Пецярбургу з Уладзімірам Пуціным. Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў сказаў, што на сустрэчы будуць абмеркаваныя двухбаковыя адносіны і гаспадарчыя рознагалоссі, інфармуе РІА “Новости”.
Па словах Пяскова, гаворка ідзе пра рознагалоссі, “якія маюць месца і ў плане розных нюансаў працэсаў еўразійскай інтэграцыі і, скажам так, гаспадарчыя рознагалоссі ў плане двухбаковых адносінаў”. Будуць абмяркоўвацца і іншыя тэмы, адзначыў прэс-сакратар.
Як паведамляла Еўрарадыё, у чацвер расійскі пасол у Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што падчас сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна 3 красавіка павінны нарэшце вырашыцца ўсе праблемныя пытанні па нафце і газе. Сустрэча прэм’ераў Беларусі і Расіі, якая прайшла 30 сакавіка ў падмаскоўных Горках і была прысвечана гэтай тэме, выніку не дала.