У "Mark Formelle" патлумачылі калабарацыю з расійскай зоркай Вольгай Бузавай

Вольга Бузава рэкламуе калекцыю "Мне можно всё" беларускай кампаніі "Mark Formelle" / Markformelle.by
"У нас няма ніякіх негатыўных асацыяцыяў з ёй", — так у беларускай кампаніі "Mark Formelle" патлумачылі "Белсат" калабарацыю з расійскай спявачкай і тэлевядоўцай Вольгай Бузавай.
1 красавіка кампанія пажартавала ў сацсетках, што Вольга Бузава стала ў іх крэатыўнай дырэктаркай і стварыла канцэпцыю новай калекцыі адзення. Але 7 красавіка "Mark Formelle" выпусціў у продаж калекцыю "Мне можно всё" ў калабарацыі з Бузавай. У кампаніі заявілі, што расійская зорка стала "не толькі музай і тварам рэкламнай кампаніі, але і яе галоўнай мадэллю".
Гэта выклікала абурэнне ў сацсетках. Адны раскрытыкавалі кампанію за супрацу з чужой зоркай, іншыя — за супрацу з прыхільніцай вайны супраць Украіны. За падтрымку расейскай агрэсіі Украіна ўнесла Бузаву ў чорны спіс. Расійскі апазіцыйны "Фонд барацьбы з карупцыяй" залічыў яе ў распальвальнікі вайны.
Журналіст "Белсата" пад выглядам пакупніка затэлефанаваў у кампанію, каб даведацца аб прычынах такой калабарацыі. "Проста гэта папулярная асоба… У нас няма ніякіх негатыўных асацыяцыяў з ёй. І Вольга Бузава папулярная ж не толькі ў Расіі", — адказалі на прадпрыемстве. Там спаслаліся на тое, што "Mark Formelle" пастаўляе сваю прадукцыю і за межы Беларусі — у Расію, Казахстан, Узбекістан.
На прапанову наступным разам супрацоўнічаць з айчыннымі зоркамі ў кампаніі адказалі, што не могуць "задаволіць патрэбы ўсіх кліентаў": маўляў, адныя і тыя асобы ў кагосьці выклікаюць негатыў, а ў кагосьці — пазітыў. Напрыклад, супраца "Mark Formelle" з Бузавай шмат каму спадабалася, заявілі ў кампаніі.
Таксама на прыдпрыемстве падкрэслілі, што не цікавяцца палітычнымі поглядамі Бузавай і яе стаўленнем да вайны: "Мы не глядзім на яе палітычныя погляды. Усё ж мы глядзім на яе як на асобу, на яе кар'еру і ўсё падобнае".
Разам з тым у "Mark Formelle" заявілі, што не плануюць адмаўляцца ад беларускай тэматыкі, але якімі будуць наступныя калекцыі не сказалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.