У Магілёве не хапае грошай для добраўпарадкавання берага Дняпра (фота)
Таму на работы прыцягнулі навучэнцаў і работнікаў прадпрыемстваў ды арганізацый.
Добраўпарадкаваннем берага Дняпра зоймуцца жыхары Магілёва. Іх прыцягваюць да работ у сувязі з недахопам сродкаў у бюджэце горада. На прывядзенне ў парадак берагавой лініі патрабуецца больш за 80 млрд рублёў (каля 5,5 млн долараў).
Работы па добраўпарадкаванні галоўнага пляжу горада і адкрыццю парка адпачынку ў Падніколлі ідуць ужо каля месяца. Тэрыторыю будучага парка вызваляюць ад дзікарослых кустоў і смецця. Побач ужо створана 5 гектараў газонаў. Пясок для стварэння берагавой лініі здабываюць непасрэдна з Дняпра. Акрамя гэтага, сіламі рачнога порта горада добраўпарадкавана лінія ракі ў аб'ёме 5 тысяч 600 квадратных метраў.
Але для поўнага завяршэння работ грошай у горбюджэце няма. Таму ўжо ў мінулую суботу да ачышчэння схілаў парку прыцягнулі навучэнцаў і работнікаў магілёўскіх прадпрыемстваў ды арганізацый. Гэта быў першы ў гэтым годзе суботнік. Можна прагназаваць, што іх колькасць, у сувязі з планамі ўладаў, паб'е ўсе рэкорды.
Істотна змяніць выгляд Падніколля і берага Дняпра плануецца да святкавання 70-годдзя Перамогі. Тэатралізаванае прадстаўленне, якое стане галоўнай падзеяй свята, адбудзецца менавіта на тэрыторыі будучага парку і набярэжнай.








